РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн. м³, перспектыўныя 4,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)